Горад

Пінск

Пінск

Пінск (трансліт.: Pinsk) — горад абласнога падпарадкавання ў Брэсцкай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Пінскага раёна, каля зліцця рэк Піна і Прыпяць. За 180 км на ўсход ад Брэста. Чыгуначная станцыя на лініі Брэст—Лунінец. Вузел аўтадарог на Іванава (М10), Івацэвічы і Столін (Р6), Лунінец (Р8). Рачны порт. Пінск называюць сталіцай Палесся, тут знаходзяцца 44 гістарычна-культурныя помнікі, якія ахоўваюцца Рэспублікай Беларусь. Насельніцтва 138 202 чал. (2017).

Назва

Паводле распаўсюджанага меркавання, тапонім «Пінск» утварыўся ад назвы ракі Піна. Тым часам няма адназначнага меркавання аб паходжанні гідроніма: на думку беларускага географа В. Жучкевіча, ён утварыўся ад славянскай асновы «пін», сэнсавае значэнне якой — прыпынак, прыстань, вір у рацэ, гаць. Існуюць таксама і іншыя тэорыі, найбольш пашыраныя з якіх: «Піна» ад «пена», што пляскалася на ўзбярэжжы; «Піна» ад лацінскага «пінус» — «сасна», бо сосны ў вялікай колькасці раслі на берагах рэчкі.

У гістарычных крыніцах таксама згадваецца як Пиньск, Пинеск.

Гісторыя

У Сярэднявеччы

Першы пісьмовы ўспамін пра Пінск («Пінеск») змяшчаецца ў «Аповесці мінулых часоў» і датуецца 1097. Узнікненне горада ў XI ст. пацвярджаюць археалагічныя звесткі. Да XII ст. ён уваходзіў у склад Тураўскага княства.

У 1174 Пінск стаў сталіцай удзельнага княства. У летапісах згадваюцца князі пінскія: Яраслаў (1183) і Яраполк (1190). На той час горад меў гандлёвыя сувязі з Валынню, Сярэднім Падняпроўем і Паўночным Прычарнамор'ем.

У XIII ст. Пінск стаў цэнтрам Пінска-Тураўскай епархіі. Пад 1263 упершыню ўпамінаецца праваслаўны храм пры манастыры ў прадмесці Лешча — рэлігійным і асветніцкім цэнтры Піншчыны.

У пач. XIV ст. Пінскае княства далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. Неўзабаве ў самім горадзе збудавалі замак. З 1320 года тут княжыў Нарымунт Гедзімінавіч, які ў 1348 годзе загінуў у бітве з крыжакамі. У 1396 годзе будучы вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч заснаваў у Пінску касцёл францысканцаў. Станам на 1471 год у горадзе валадарыла княгіня Марыя — удава Сямёна Алелькавіча, які вёў свой род ад Гедзіміна. У вялікай колькасці яе дароўных грамат ўтрымліваюцца першыя вядомыя пісьмовыя ўпамінанні вёсак Піншчыны.

У 1521 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў Пінск сваёй жонцы вялікай княгіні Боне, якая пачала актыўна праводзіць аграрныя пераўтварэнні на Палессі. У 1527 годзе сцены Пінскага замка спынілі апошні набег татар на Літву. З 1539 года горад стаў цэнтрам староства.

У сяр. XVI ст. у Пінску было 27 вуліц і 800 двароў, а таксама магутная сістэма ўмацаванняў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) горад стаў сталіцай павета Берасцейскага ваяводства.

У Рэчы Паспалітай

12 студзеня 1581 кароль і вялікі князь Стэфан Баторый надаў Пінску Магдэбургскае права (пацвярджалася ў 1589, 1633, 1650, 1785 гадах) і герб: «у чырвоным полі шчыта залаты лук са стралой і нацягнутай цецівой». Неўзабаве тут збудавалі ратушу.

Пасля заключэння Берасцейскай уніі (1596) утварылася Турава-Пінская грэка-каталіцкая епархія. У 1636—1675 у горадзе ўзвялі мураваныя езуіцкія касцёл і калегіум. У 1648 на Запарожжы пачалося паўстанне Хмяльніцкага, якое набыла характар рэлігійнай вайны. Хваляванні дайшлі і да Пінска, але іх удзельнікаў разам з казакамі разбіў гетман польны Януш Радзівіл. У сяр. XVII ст. горад быў важным цэнтрам гандлю, тут праходзіў шлях з Балтыі да паўднёвых гарадоў Каралеўства Польскага.

У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) 5 кастрычніка 1655 маскоўскі ваявода Валконскі заняў Пінск, разрабаваў яго і спаліў разам з навакольнымі слабодамі. Пазней у 1660—1664 гадах горад неаднаразова трымаў аблогу казацкіх і маскоўскіх загонаў, якія 25 чэрвеня 1660 зноў узялі яго штурмам.

У 1705 князь Міхал Вішнявецкі і яго жонка Кацярына заснавалі ў Пінску кляштар бернардзінцаў (праіснаваў да 1832 года). У Вялікую Паўночную вайну ў 1706 кароль Швецыі Карл XII заняў горад, разрабаваў і спаліў яго. Разбурэнні спазнаў і бастыённы замак у прадмесці Каралін, збудаваны спярша для маршалка вялікага і перададзены пазней князям Вішнявецкім. У 1710 у Пінску, Парахонску, Плешчыцах, Марозавічах, Лапаціне, Калбах спыняўся Васіль Тацішчаў — аўтар пяцітомнай «Гісторыі Расійскай», навуковец, дыпламат, асветнік, падарожнік, дзяржаўны дзеяч XVIII стагоддзя. Таго ж года на Піншчыне па загаду цара маскоўскага Пятра I ён зладзіў вытворчасць 30 гармат і 7 суднаў.

У 1729—1746 пры Пінскім езуіцкім калегіуме працавала друкарня. У 1750—1782 на паўночна-ўсходняй ускраіне прадмесця Каралін айцы-камуністы збудавалі мураваны касцёл, вядомы цяпер пад тытулам Карла Барамеуша. У 1784 у Пінску спыняўся кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які прысутнічаў на цырымоніі закладкі Палаца Бутрымовічаў і наведаў таксама вёскі Лапаціна, Горнава і Альбрэхтова. У 1787 пачалася будова мураванага касцёла пры кляштары дамініканцаў. 1 ліпеня 1791 пачала працу Пінская генеральная кангрэгацыя, чыёю мэтай было ўтварэнне аўтакефальнай праваслаўнай царквы Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. Аднак другі і трэці падзелы Рэчы Паспалітай не дазволілі здзейсніцца гэтым планам.

У Расійскай Імперыі

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Пінск апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе з 1795 атрымаў статус павятовага горада Мінскага намесніцтва. У 1804 на землях памешчыка Рыдзеўскага знайшлі вялікі манетны скарб.

У сяр. XIX ст. Пінск стаў буйным цэнтрам гандлю, тут працавалі 2 гарбарні, завод апрацоўкі медзі, піваварня, тытунёвая фабрыка, млын. У 1857 у горадзе адкрылася гімназія, пераўтвораная ў 1878 у рэальнае вучылішча. У 1865 муж і жонка Фляросы заснавалі ў Пінску бальніцу. У 1882 праз горад прайшла паўднёвая лінія Палескіх чыгунак. У 1885 пачалі працаваць суднарамонтны і механічны завод, у 1892 — запалкавая фабрыка «Прагрэс — Вулкан».

У пач. ХХ ст. у Пінску было 5 бальніц, 3 аптэкі, 3 царквы, мужчынскі манастыр, 2 касцёлы, 2 сінагогі, паштова-тэлеграфная кантора, турэмны замак, 22 фабрыкі і заводы з 1100 рабочымі. Станцыя Палескай чыгункі, суднаходства па Прыпяці. Акрамя грузавой прыстані, мелася параходная пасажырская з лініямі Пінск — Кіеў, Пінск — Любяшоў, Пінск — Целяханы. У горадзе працавалі Азова-Данскі камерцыйны банк, рэстарацыя, тэатр, рэальнае вучылішча, жаночая гімназія, 6 прыходскіх школ, 2 пачаткевыя вучэльні, 2 прыватныя гімназіі, 3 прыватныя пачатковыя навучальныя ўстановы, мужчынская духоўнае вучылішча, кнігарні, фатаграфіі, крамы і розныя адміністрацыйныя ўстановы. У сакавіку 1904 у Пінску з'явілася тэлефонная сетка (станам на 1910 яе паслугамі карысталіся 196 абанентаў). У лістападзе 1911 у горадзе пачаліся першыя сеансы кінематографа. У 1912—1914 тут жыў і працаваў народны паэт Беларусі Якуб Колас.

Найноўшы час

У Першую сусветную вайну 15 верасня 1915 Пінск занялі нямецкія войскі. 4 сакавіка 1918 урад УНР III Устаноўчай граматай ад лістапада 1917 абвясціў горад часткай украінскай дзяржавы, адначасова з 25 сакавіка таго ж года Пінск увайшоў у склад Беларускай Народнай Рэспублікай. Тэрыторыя Палесся была прадметам перагавораў паміж БНР і УНР.

1 студзеня 1919 Пінск занялі бальшавікі, якія, у адпаведнасці з пастановай І з'езда КП(б) Беларусі, далучылі яго да БССР як цэнтр павета («падраёна») Брэсцкага раёна. 22 студзеня 1919 года войскі УНР пакінулі Пінск. 5 сакавіка 1919 адбылася бітва за Пінск паміж Палескай групай войска Польскай Рэспублікі і бальшавікамі, у выніку якой палякі здабылі горад, а таксама цягнікі, ваенныя склады, калону пантонаў і ўзялі ў палон некалькі дзясяткаў салдат. У жніўні 1920 Пінск зноў занялі бальшавікі, якія ўтрымлівалі горад да 26 верасня 1920.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Пінск апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў сталіцай павета Палескага ваяводства. У міжваенны перыяд Пінск быў адным з найзначнейшых у Польшчы цэнтраў пасялення расійскай эміграцыі (гл. Рускае дабрачыннае таварыства, Рускае таварыства моладзі), а таксама самы «яўрэйскі» горад на Усходніх Крэсах. 7 верасня 1921 здарыўся вялікі пажар: агонь знішчыў практычна ўсю цэнтральную частку горада. У 1924 у Пінску заснавалі краязнаўчы музей (адкрыўся ў 1926 годзе). Увосень 1934 года Пінск і сучасны Пінскі раён з навуковай экспедыцыяй наведала сусветна вядомая амерыканская даследчыца Луіза Арнер Бойд. У 1936 у гарадскім парку «Лешча» прайшла вялікая сельскагаспадарчая выстаўка, напярэдадні якой выйшаў «Informator m. Pinska».

У 1939 Пінск увайшоў у БССР, у кастрычніку таго ж года савецкія карныя органы расстралялі ці вывезлі ў Катынь больш за 500 палякаў і беларусаў. Васіль Корж і яго паплечнікі з НКВД бралі ўдзел у забойстве людзей. 4 снежня 1939 горад стаў цэнтрам Пінскай вобласці (існавала да 1 жніўня 1954). У Другую сусветную вайну з 4 ліпеня 1941 да 14 ліпеня 1944 Пінск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.

10 жніўня 1946 распачаўся рух на першым аўтобусным маршруце. У 1953 у Пінску ўсталявалі першыя чатыры тэлефоны-аўтаматы. У 1956 пры рэканструкцыі горада быў знішчаны помнік архітэктуры барока — Касцёл Св. Станіслава, Рыначная плошча з гандлёвымі радамі, а таксама рэнесансная Вялікая сінагога. У 1960 распачалася будова аўтамабільнай трасы Пінск — Столін, у 1965 — камбіната верхняга трыкатажу, вядомага цяпер як ААТ «Палессе».

17 студзеня 1987 у Пінску адкрыўся новы будынак аўтавакзала, 5 красавіка таго ж года да новага Пінскага порта прычаліла першае судна. 7 лістапада 1989 у горадзе адкрыўся новы будынак Цэнтральнай бібліятэкі. 15 жніўня 1992 выйшла першая тэлепраграма пінскага тэлеканала «Вараг».

25 кастрычніка 2010 года на заводзе «Пінскдрэў» адбыліся выбух і пажар, у выніку якіх загінула 14 чалавек.

Геаграфія

Пінск стаіць у вусці ракі Піны ля месца яе ўпадзення ў Прыпяць, якая аддзяляе горад ад прылеглых балот. У старажытнасці балоты, якія лічыліся дном міфічнага «Герадотава мора», былі адзінай прыроднай абаронай ад захопнікаў. Раней Піна і Струмень (так палешукі называюць Прыпяць у верхнім цячэнні), зліваліся насупраць старога замка. Рэчышча ракі ў межах Пінска зрэзанае, шырыня складае 35—55 метраў.

Пінск знаходзіцца ў часавым поясе, які пазначаецца па міжнародным стандарце як Eastern European Time (Усходнееўрапейскі час), EET (UTC+2). Улетку ў Беларусі выкарыстоўваецца ўсходнееўрапейскі летні час (UTC+3).

Прырода

Горад атачае лесапаркавая зона «Лугі». На тэрыторыі Пінска знаходзіцца некалькі паркаў (у тым ліку парк культуры і адпачынку, дзіцячы гарадок на вул. Заслонава) і сквераў. Ландшафт навакольных тэрыторый галоўным чынам антрапагенны — сельскагаспадарчыя ўгоддзі, дачныя пасёлкі, сустракаюцца асобныя лясныя масівы (сасна, бяроза і г.д.).

Пінск — цэнтр меліярацыі Палесся на некалькі дзесяцігоддзяў. У наш час у горадзе працягвае сваю працу РУП «Палессегіправадхаз».

Клімат

Пінск размяшчаецца ў зоне ўмерана кантынентальнага клімату. Праз уплыў марскіх паветраных мас тут мяккая зіма і ўмерана цёплае лета. Цыклоны, якія з'яўляюцца прычынай гэтага, перамяшчаюцца з Атлантычнага акіяна з захаду на ўсход. Сярэдняя тэмпература студзеня складае −4,5 °C, ліпеня 18,5 °C. Гадавая колькасць ападкаў — каля 630 мм. Колькасць дзён з тэмпературай, вышэйшай за нуль, складае 253. У сярэднім назіраецца 165 дзён з ападкамі.

Насельніцтва

  • XVI стагоддзе: сяр. 1550 — каля 3,5 тыс. чал., 1600 — каля 5 тыс. чал.
  • XVII стагоддзе: 1625 — каля 30 тыс. чал., 1650 — каля 10 тыс. чал.
  • XVIII стагоддзе: 1794 — 3 716 чал.
  • XIX стагоддзе: 1825 — 4,2 тыс. чал.; 1841 — 6,8 тыс. чал.; 1860 — 8,6 тыс. чал.; 1861 — 11,3 тыс. чал.; 1870 — 18 тыс. чал.; 1887 — 22 967 чал. (11 847 муж. і 11 120 жан.), у тым ліку паводле стану: шляхты — 266 муж. і 275 жан., духоўнікаў праваслаўных — 49 муж. і 37 жан., духоўнікаў каталіцкіх — 3 чал., купцоў і ганаровых грамадзян — 208 муж. і 224 жан., мяшчан і цэхавых — 10 806 муж., 10 439 жан., вайскоўцаў — 325 муж., сялян — 190 муж. і 145 жан.; паводле веры: 2 848 праваслаўных, 1 082 каталікоў, 20 евангелістаў, 19 017 юдэяў; 1897 — 28 028 чал. (13 649 муж. і 14 379 жан.); 1900 — 29,5 тыс. чал.
  • XX стагоддзе: 1907 — 34 756 чал.; 1910 — 36 409 чал., у тым ліку 26 626 яўрэяў; 1921 — 23,5 тыс. чал.; 1931 — 33,5 тыс. чал., з іх 73,5 % складалі яўрэі, да 10 % — «рускія»; палякі складалі некалькі працэнтаў і былі ў асноўным прыбылым элементам — ваенныя, ксяндзы, служачыя, настаўнікі; 1939 — 35,9 тыс. чал.; 1959 — 41,5 тыс. чал.; 1974 — 77,1 тыс. чал.; 1986 — 112,6 тыс. чал.; 1993 — 123 тыс. чал.; 1995 — 130 тыс. чал.; 1996 — 130 тыс. чал.; 1998 — 132,6 тыс. чал..; 2000 — 132,6 тыс. чал.
  • XXI стагоддзе: 2006 — 129,9 тыс. чал.; 2007 — 131,0 тыс. чал.; 2008 — 130,8 тыс. чал.; 2009 — 131,2 тыс. чал.; 2009 — 130 355 (перапіс), у тым ліку больш за 85 % беларусаў, каля 9 % рускіх, каля 3,5 % украінцаў, каля 1 % палякаў, каля 0,15 % яўрэяў; 2016 — 138 415 чал.; 2017 — 138 202 чал.

Эканоміка

Прадпрыемствы машынабудаўнічай, лёгкай, дрэваапрацоўчай, харчовы, будаўнічых матэрыялаў, мікрабіялагічнай прамысловасці. Пінск — перспектыўны цэнтр турызму Беларусі міжнароднага значэння. Гасцініцы «Аэліта», «Прыпяць», «Спорт».

У 1836—1910 гадах працаваў Альбрэхтаўскі стэарынавы і мылаварны купецкі завод.

Транспарт

Пінск — значны чыгуначны, аўтамабільны, рачны транспартны вузел. Працуюць два аўтапаркі (пасажырскі і грузавы), некалькі аўтамабільных баз. Эксплуатацыяй ракі Піны займаецца РУЭСП «Дняпроўска-Бугскі водны шлях». У сферы чыгуначнага транспарту працуе «Даследчы завод шляхавых машынаў».

Грамадскі транспарт у Пінску прадстаўлены аўтобусамі. Аўтобусная сетка Пінска адкрылася 10 жніўня 1946 і налічвае цяпер больш за 40 маршрутаў. Рухомы састаў — галоўным чынам аўтобусы МАЗ-103, МАЗ-105 і МАЗ-107. Прыгарадныя і міжгародныя аўтобусныя рэйсы ажыццяўляюцца з аўтавакзала. Аўтобусныя маршруты злучаюць Пінск з Брэстам, Гродна, Мінскам і іншымі гарадамі Беларусі, а таксама з Варшавай, Вільнюсам, Масквой, Чарнаўцамі.

Чыгуначная станцыя «Пінск» адкрылася ў 1884 годзе. Чыгуначныя маршруты злучаюць Пінск з многімі гарадамі Беларусі, Украіны і Расіі. Цягнікі далёкага руху ходзяць праз Пінск да Мінска, Смаленска, Масквы, Гомеля, Віцебска, Кіева, Сімферопаля. Праз горад праходзяць маршруты прыгарадных цягнікоў: Брэст — Лунінец, Драгічын — Лунінец і іншыя.

Культура

У Пінску дзейнічаюць гарадскі Дом культуры, Палац культуры «Трыкатажнік», Дом культуры ЗАТ «Пінскдрэў», дзяржаўны Музей Беларускага Палесся, гарадскі парк культуры і адпачынку, Палескі драматычны тэатр, гарадская кінавідэасетка (кінатэатр «Перамога», відэатэка), кінавідэапракат, гарадская канцэртная зала. У месце працуюць тэатр-студыя «Дыяген» і народны моладзевы тэатр «Візаві».

Дзейнічае цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, у якую ўваходзяць: цэнтральная бібліятэка для дарослых, дзіцячая бібліятэка і 7 філіялаў з агульным кніжным фондам у 600 тысяч асобнікаў. У 1986 адкрылася дзіцячая бібліятэка, у фондах якой больш за 100 тысяч кніг.

У горадзе налічваецца больш за 100 калектываў мастацкай самадзейнасці: харавыя, харэаграфічныя, тэатральныя, інструментальныя, вакальныя, эстрадна-цыркавыя. 34 калектывы маюць званне «народны» і «ўзорны». Дзейнічае 5 навучальных устаноў, дзе навучаецца больш за 1,5 тысячы навучэнцаў, вучэльня мастацтваў, дзіцячыя музычныя школы № 1, № 2, дзіцячая харэаграфічная школа, дзіцячая школа выяўленчага мастацтва.

Раз у два-тры гады ў канцы вясны — пачатку лета ў Пінску праходзіць Міжнародны фестываль фальклору «Палескі карагод». У апошні месяц зімы ў месце традыцыйна праходзяць творчыя сустрэчы пад агульнай назвай «Лютаўскія музычныя вечары». Раз у два гады ў красавіку праходзіць традыцыйнае свята гітарнай музыкі «Каралеўская фіеста». Таксама раз у два гады ў маі праходзіць музычнае свята «Віват, баян!» Летам ці ў пачатку восені ў наваколлях Пінска праходзіць міжнародны мотафестываль «Пінск».

Адукацыя

У Пінску працуе 33 дзіцячых дашкольных устаноў; 15 сярэдніх школ; 3 гімназіі; ПУА «Сярэдняя школа „Бейс-Агарон“»; ліцэй УА «Палескі дзяржаўны ўніверсітэт»; цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі; сацыяльна-педагагічны цэнтр; цэнтр сучасных сродкаў навучання; цэнтр тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

У горадзе працуюць 2 музычныя школы, дзіцячая харэаграфічная школа, школа выяўленчага мастацтва.

У Пінску працуе 3 прафесійна-тэхнічныя навучальныя установы:

  • УА «Пінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж лёгкай прамысловасці»
  • УА «Пінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж машынабудавання»
  • УА «Пінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў»

У Пінску працуе 6 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў:

  • Пінскі каледж УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна»
  • УА «Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж імя А. Я. Кляшчова»
  • УА «Пінскі дзяржаўны аграрны тэхналагічны каледж»
  • УА «Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў»
  • УА «Пінскі дзяржаўны медыцынскы каледж»
  • Філіял УА «Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт» Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж

Атрыманне вышэйшай адукацыі забяспечвае УА «Палескі дзяржаўны ўніверсітэт» і Пінскі філіял УА «Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія».

12 верасня 2001 г. у Пінску адбылося адкрыццё Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя Святога Тамаша Аквінскага.

Спорт

Пінск — адзін з самых спартыўных гарадоў Беларусі, у 2009 годзе ён заняў 2 месца ў гэтай намінацыі.

У Пінску размяшчаецца Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву ў вяслярных відах спорту, выхаванцы якой — алімпійскія чэмпіёнкі 1996 года Тамара Давыдзенка, Яраслава Паўловіч. Тры чэмпіянаты Еўропы па мотаболе прымаў за апошнія паўтара дзесяцігоддзі спартыўны комплекс БЕЛАСТТ.

Станам на 1 студзеня 2003 года ў Пінску было 128 спартыўных збудаванняў, у тым ліку 3 стадыёны з трыбунамі, 50 спартыўных зал, 2 басейны, 11 міні-басейнаў, 38 прыстасаваных памяшканняў. У спартыўных школах горада займалася каля 30 тыс. юных спартсменаў па 15 відах спорту. Апроч таго, у месце працуе шахматна-шашачны клуб.

Спарткомплекс «Хваля»

Універсальны спартыўны комплекс «Хваля», які ўмясціўся на плошчы 32740 м², аб'ядноўвае ў сабе футбольны стадыён з трыбунамі, медыцынска-аднаўленчы цэнтр, лядовую арэну, басейны і ўніверсальную спартыўную залю. Адначасова наведваць яго могуць больш за 5000 чалавек. Спартыўнае збудаванне ўяўляе сабой 2-3-павярховы комплекс з аб'ёмаў розных форм і памераў.

Увод у эксплуатацыю лядовай арэны «Хваля» адбыўся 29 снежня 2007. Унікальнасць яе ў тым, што тут упершыню ў Беларусі выкарыстоўваюцца гнута-клееныя драўляныя аркі пад дахам. Асноўныя параметры арэны адпавядаюць еўрапейскім стандартам: шырыня лядовага пакрыцця — 29 м, даўжыня — 60 м, агульная плошча — 8450 м², колькасць гледачоў — звыш 600 чалавек.

Басейны прызначаюцца не толькі для студэнцкіх заняткаў, але і для ўсіх жыхароў Пінска. Пры неабходнасці спаборніцтва могуць глядзець каля 500 чалавек. Стадыён мае сучаснае інжынернае абсталяванне, яго трыбуны разлічаны на больш чым 3000 гледачоў.

ФК «Хваля-Пінск»

У Пінску ёсць уласны футбольны клуб «Хваля» (заснаваны ў 1987 годзе, зваўся «Камунальнік» (1989—1996), «Пінск-900» (1997—2005)). Хатнія гульні праводзіць на стадыёне «Хваля» (умяшчальнасцю 3100 месцаў). Срэбны прызёр чэмпіянату Беларусі ў першай лізе, а таксама 4-разовы бронзавы прызёр чэмпіянату Беларусі. За 18 сезонаў, праведзеных у чэмпіянатах і Кубках Беларусі, «Хваля» згуляла 497 матчаў: 238 перамогаў, 94 нічыі, 165 паразаў, розніца мячоў 806:597 (станам на 1 студзеня 2009).

«Аўтамабіліст»

Найбольш тытулаваны клуб Беларусі, заснаваны ў 1979. 17-разовы чэмпіён Беларусі, 6-разовы срэбны прызёр, 16 разоў здабываў кубак Беларусі, срэбны прызёр чэмпіянату Усходне-Еўрапейскай лігі 2007 года, бронзавы прызёр 2006 года.

Медыцына

Медыцынскыя паслугі насельніцтву Пінска аказвае шэраг спецыялізаваных устаноў аховы здароўя. У месце дзейнічае УАЗ «Пінская цэнтральная паліклініка» (1 філіял), УАЗ «Пінская цэнтральная бальніца» (1 філіял), УАЗ «Дзіцячая бальніца» (1 філіял), УАЗ «Міжраённы радзільны дом» (2 філіяла), УАЗ «Стаматалагічная паліклініка» (1 філіял).

У месце ёсць філіялы наступных устаноў: «Міжраённы скурна-венералагічны дыспансэр», «Міжраённы псіханеўралагічны дыспансэр», «Міжраённы супрацьсухотны дыспансэр», «Міжраённы наркалагічны дыспансэр», «Станцыя пералівання крыві», «Спецыялізаваны дом дзіцяці», «Станцыя хуткай медыцынскай дапамогі»

Дзяржаўны санітарны нагляд у забеспячэнні санітарна-эпідэмічнага дабрабыту насельніцтва ажыццяўляе ДУ «Пінскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі».

Турыстычная інфармацыя

Пінск — перспектыўны цэнтр турызму Беларусі міжнароднага значэння. У колішнім кляштары езуітаў працуе Музей Беларускага Палесся.

Гатэлі: «Аэліта», «Прыпяць», «Спорт», «Хваля».

Пінск з'яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі горадам пасля Гродна. На працягу стагоддзяў у Пінску ўзводзіліся грамадзянскія і сакральныя збудаванні, у якіх не толькі захоўваліся мясцовыя традыцыі і рысы Палескага дойлідства папярэдніх эпох, але і выкарыстоўваліся дасягненні еўрапейскай архітэктуры.

Архітэктура Пінска

Архітэктурнае аблічча Пінска складвалася з XVI ст.: у гэты час існавалі Траецкі мост, 2 брамы, 14 цэркваў, 3 праваслаўныя манастыры (Лешчанскі, Варварынскі і Богаяўленскі) і 2 каталіцкія кляштары (францысканцаў і дамініканцаў). Цягам XVII—XVIII стст. сфарміраваўся архітэктурны цэнтр горада: тут збудавалі мураваныя езуіцкі касцёл і калегіум, дамініканскі і кармеліцкі кляштары, ратушу, палац Бутрымовічаў, кляштар бернардзінцаў, у прадмесці Каралін — замак, касцёл Карла Барамеуша.

Аснову планіроўкі Пінска склалі гарадскія вуліцы, крыніцамі назваў якіх служылі асабістыя імёны князёў і мяшчан, геаграфічныя назвы, прыродныя ўмовы мясцовасці, рамесныя заняткі часткі мяшчан, нацыянальная прыналежнасць жыхароў. Яшчэ з XVI ст. згадваюцца асобныя пінскія вуліцы: Вялікая Спаская, Замкавая, Вароўская і іншыя. Вуліцы выбрукоўваліся лесам, што было асабліва важна ва ўмовах вялікай забалочанасці гарадскай тэрыторыі. Брукоўка на цэнтральных вуліцах Пінска з'явіліся ў канцы XIX ст. Да нашага часу ў месце захавалася частка яго даўняга радыяльна-паўкольцавай планіроўкі.

Славутасці

  • Гарадзішча (XI—XIII стст.) —  Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113В000532
  • Гістарычная забудова (XIX—XX стст.) —  Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Е000529
  • Калегіум езуітаў (1635—1675) —  Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000536
  • Капліца (XVII ст.)
  • Касцёл (1786; цяпер царква Cвятой Варвары) і кляштар бернардзінцаў —  Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000544
  • Касцёл ордэна камуністаў Cвятога Карла Барамея (1770—1782) —  Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000534
  • Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1712—1730) і кляштар францысканцаў (XVIII ст.) —  Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 111Г000538
  • Палац Бутрымовічаў (1784—1790) —  Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000539
  • Парк Лешчанскі (XVIII ст.)
  • Сінагога (1900) —  Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000736
  • Сядзіба Асмалоўскіх (XIX—XX стст.)
  • Свята-Фёдараўскі сабор

Страчаная спадчына

  • Капліца Cвятога Георгія (пач. XX ст.)
  • Касцёл Маці Божай Балеснай (1820)
  • Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1635)
  • Касцёл Cвятога Дамініка (1787)
  • Кляштар бернардзінцаў (XVIII ст.)
  • Кляштар кармелітаў (1734)
  • Кляштар марыявітак (XVIII ст.)
  • Манастыр і царква Яўлення Гасподняга (1596)
  • Сінагога Вялікая (1506)
  • Царква Cвятога Хведара (XII ст.)
  • Царква Cвятога Мікалая (1823)

Вядомыя асобы

  • Хаім Вейцман, яўрэйскі палітык
  • Іван Пятровіч Доўбня (1853—1912) — рускі матэматык, доктар фізіка-матэматычных навук
  • князь Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі (1861—1919), гаспадарчы і палітычны дзеяч, пісьменнік
  • Іван Уладзіслававіч Жалтоўскі, беларускі і расійскі архітэктар
  • Рышард Капусцінскі (1932—2007), польскі журналіст
  • Пётр Юльянавіч Корбут (1908—1944), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза
  • Мікалай Лагодзіч (1928—2009), іншадумца, палітычны вязень у БССР
  • Голда Меір, яўрэйскі палітык
  • Барыс Міронавіч Фельдман, савецкі военачальнік
  • Яўген Шатохін (1947—2012), мастак
  • Міхаіл Сцяпанавіч Бастынец
  • Святлана Кудзеліч
  • Аляксандр Карпавіч Васільеў
  • Міхаіл Давыдавіч Шыла (1920—1998), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза

Гарады-пабрацімы

  1. Ковель, Украіна
  2. Альтэна, Германія
  3. Добрыч, Балгарыя
  4. Чэнстахова, Польшча
  5. Істра, Расія
  6. Балахна, Расія

Гл. таксама

  • Юрый Уладзіміравіч
  • Мацей Бутрымовіч
  • Гарады Брэсцкай вобласці
  • Гарады Беларусі
  • Спіс вуліц Пінска

Зноскі

Літаратура

  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0141-9.
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
  • Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.— 287 с. ISBN 985-07-0131-5.
  • Pińsk // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich.Tom VIII: Perepiatycha — Pożajście. — Warszawa, 1887. S. 167—183.
  • Наш Пинск исторический. — Пинск: «Пинск-900», 1997. — 48 с.

Спасылкі

  • На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Пінск
  • Геаграфічныя звесткі па тэме Пінск на OpenStreetMap
  • Будынак езуіцкага каледжа
  • Царква Св. Барбары ў г. Пінск
  • Касцёл Унебаўзяцця Найсв. Дзевы Марыі ў Пінску
  • Касцёл Унебаўзяцця Найсв. Дзевы Марыі ў Пінску
  • Афіцыйная старонка Пінскага гарвыканкама
  • «Гісторыя Пінска»
  • Інфармацыя на старонцы BrestObl.com
  • Неафіцыйная старонка горада Пінска
  • Неафіцыйная старонка горада Пінска
Матэрыял узяты з Вікіпедыі - вольнай энцыклапедыі