Горад

Маладзечна

Маладзечна

Маладзе́чна (афіц. транс.: Maladziečna) — горад у Мінскай вобласці Беларусі на рацэ Уша, адміністрацыйны цэнтр Маладзечанскага раёна. За 73 км на паўночны захад ад Мінска. Насельніцтва — 95 233 чал. (2017).

Назва

Тапонім «Маладзечна», відаць, паходзіць ад назвы рэчкі Маладачанкі, якая знікла ў выніку меліярацыйных прац. Таксама існуе меркаванне, што назва горада ўтварылася ад словаў «маладзец» (у значэнні — дзяцюк, ваяр у княжацкай дружыне), «малады», «малодшы» або ад спалучэння двух даўніх словаў «мала» і «надэчыць», што азначае «малазмяшчальнае месца».

Гісторыя

Першы пісьмовы ўспамін пра Маладзечна змяшчаецца ў прысяжным лісце князя ноўгарад-северскага Дзмітрыя Альгердавіча вялікаму князю Ягайлу і датуецца 16 снежня 1388. У 1413 мясцовасць увайшла ў склад Віленскага ваяводства.

У ХV ст. ля сутокаў Маладачанкі і Вушы збудавалі драўляны замак, які неднаразова цярпеў ад пажараў (1519 — двойчы, а таксама ў 1533) і быў зруйнаваны ў XVIII ст.

Цэнтр намесніцтва, у 1500 годзе згадваецца намеснік маладзечанскі Іван Кошка, акольнічы смаленскі. Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў, Маладзечна ўвайшло ў склад Менскага павета Менскага ваяводства. У 1567 тут праходзілі папярэднія перамовы прадстаўнікоў Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага датычна ўмоў Люблінскай уніі. У кан. ХVI ст. Маладзечна ўваходзіла ў шэрагі 20 найбуйнейшых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У розныя часы мясцовасць знаходзілася ва ўладанні Заслаўскіх, Мсціслаўскіх, Сангушкаў, Агінскіх і інш.

У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) у 1708 Маладзечна пэўны час займалі шведскія войскі. У 1757 кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў мястэчку прывілей на гандаль. У 1758 уладальнік паселішча Міхал Казімір Агінскі збудаваў тут касцёл Св. Казіміра, пры якім з 1762 дзейнічаў кляштар трынітарыяў (скасаваны расійскімі ўладамі ў 1831).

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Маладзечна апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Вілейскім павеце Мінскай, з 1847 Віленскай губерні. У вайну 1812 года 4 снежня каля мястэчка расійскія войскі разбілі ар’ергард французскай арміі маршала Віктора.

14 красавіка 1831 у часы вызваленчага паўстання аддзел Міхала Ходзькі пры падтрымцы местачкоўцаў вызваліў Маладзечна з-пад расійскага панавання. Аднак ужо 22 красавіка 1831 царскія карнікі занялі паселішча, пачалі дзейнічаць ваенна-палявыя суды над паўстанцамі. У 1864 з мэтай русіфікацыі края ўлады адкрылі настаўніцкую семінарыю, выкладанне ў якой вялося вылучна на рускай мове пад наглядам Маскоўскага патрыярхату. У 1873 будова Лібава-Роменскай чыгункі спрыяла пераўтварэнню невялікага мястэчка ў чыгуначны вузел.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Маладзечна апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі самастойнай гмінай у Вілейскім павеце Віленскага ваяводства. З 1927 года — цэнтр асобнага павета, а ў 1929 — зноў статус горад. З 1922 па 1939 гады на тэрыторыі фальварка Гелянова (з 1929 года ў складзе горада) размяшчаўся гарнізон 86-га пяхотнага палка Войска Польскага.

У 1939 годзе Маладзечна ўвайшло ў БССР, дзе ў 1940 зрабілася цэнтрам раёна Вілейскай вобласці (у 1944—1960 цэнтр асобнай вобласці). Станам на 1940 тут адкрылася педагагічнае вучылішча, працавалі 2 клубы, бібліятэка, бальніца, 2 аптэкі. У Другую сусветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 5 ліпеня 1944 года горад знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.

17 сакавіка 1988 года рашэннем № 38 выканкама Маладзечанскага гарадскога Савета народных дэпутатаў зацверджаны першы вядомы герб Маладзечна. Аўтары герба: доктар гістарычных навук, краязнаўца, археолаг, дырэктар краязнаўчага музея Генадзь Каханоўскі (1936—1994) і мастак Юрый Герасіменка-Жызнеўскі (1948—1997).

21 снежня 1999 года зацверджаны новы герб Маладзечна Рашэннем № 23 Маладзечанскага гарадскога Савета дэпутатаў і занесены ў Гербавы матрыкул Рэспублікі Беларусь 10 лютым 2000 пад № 39. Аўтары герба: А. А. Шпунт і мастак І. А. Шпунт.

25 красавіка 1993 у часы дэмакратычных гарадскіх уладаў на чале з Генадзем Карпенкам на цэнтральнай плошчы Маладзечна ў прысутнасці некалькіх тысяч гараджан адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка мучанікам за свабоду і незалежнасць Беларусі (у наш час пры падрыхтоўцы да «Дажынак» помнік перанеслі ў Зялёны Гарадок — гістарычны раён горада побач з гарадскім паркам).. 18 сакавіка 1997 у горадзе адбылася ўрачыстая кансекрацыя новага касцёла Св. Іосіфа.

У 2011 годзе ў горадзе прайшоў фестываль «Дажынкі-2011».

У 2013 годзе ў межы горада ўключаныя некаторыя вуліцы вёскі Рагазы, частка тэрыторыі Цюрлёўскага сельсавета.

10 сакавіка 2017 года адбылася найбуйнейшая акцыя пратэсту за гісторыю незалежнай Беларусі ў горадзе (каля 1000 чалавек) названая як «Марш недармаедаў» ці «Марш раззлаваных беларусаў». Людзі сабраліся на цэнтральнай плошчы і пасля мітынгу прайшлі маршам да будынка падатковай інспекцыі. Пратэставалі супраць так званага «дэкрэта аб дармаедстве» і «падатку на беспрацоўных» (Дэкрэта прэзідэнта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства») і іншых дзеянняў уладаў. Гучалі лозунгі: «Нет декрету № 3 — Лукашенко уходи», «Баста», «Ганьба», «Жыве Беларусь» і іншыя.

4 верасня 2018 на пазачарговай сесіі савета дэпутатаў Горлов Юрый Мікалаевіч зацверджаны на пасаду старшыні Маладзечанскага райвыканкама, раней Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў прызначэнне. Ранейшы старшыня Яхнавец Аляксандр Дзмітрыевіч быў прызначаны 5 сакавіка 2013 года.

Насельніцтва

  • XXI стагоддзе: 2006 — 98,4 тыс. чал.; 2009 — 95 012 чал.; 2010 — 94 195 чал.; 2011 — 93 885 чал.; 2012 — 93 736 чал.; 2013 — 9 802 чал.; 2014 — 94 155 чал.; 2015 — 94 686 чал.; 2016 — 94 922 чал.; 2017 — 95 233 чал.

Эканоміка

Прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі лёгкай, харчовы, дрэваапрацоўчай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасці. Гасцініца «Маладзечанская» (знаходзіцца побач цэнтральнай плошчы, у 10 хв. хады ад чыгуначнага і аўтавакзалаў).

Вузел чыгунак на Мінск, Полацк, Вільнюс, Ліду і аўтадарог на Мінск, Вільнюс, к.п. Нарач.

Культура

У горадзе знаходзяцца Мінскі абласны краязнаўчы музей, Мінскі абласны драматычны тэатр, Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка». У горадзе штогод праводзіцца больш 30 культурных мерапрыемстваў, у т.л. рэспубліканскі тэатральны фестываль «Маладзечанская сакавіца» і Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі (з 1993).

У 2006 і 2013 гадах горад стаў месцам правядзення фестывалю «Адна зямля».

У Маладзечне працуюць рэп і хіп-хоп гурты (Usplesk, Буркіна Фасо, ХЗКН, Stickoxydal і іншыя).

У Маладзечне 14 сярэдніх школ, мастацкая школа, 6 вучылішч, у т.л. медыцынскае і музычнае, політэхнічны каледж, гандлёва-эканамічны каледж, 4 публічныя бібліятэкі.

Выпускаецца гісторыка-краязнаўчы і літаратурна-мастацкі альманах «Куфэрак Віленшчыны»

СМІ

  • «Маладзечанская газета». Орган раённай улады.
  • «Рэгіянальная газета». Недзяржаўнае выданне. Уваходзіць у склад Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя Масмедыі»
  • Маладзечанскае кабельнае тэлебачанне «МКТВ»
  • Радыё «Маладзечна».

Грамадскае жыццё

Прадстаўніцтва партыі БНФ, аддзяленне праваабарончай арганізацыі Беларуска-Хельсінкскі камітэт, скауцкая дружына «Маладэчына».

Рэлігійнае жыццё

У горадзе зарэгістравана 5 рэлігійных суполак.

Турыстычная інфармацыя

Маладзечна ўваходзіць у турыстычны маршрут «У краі Нарачанскім».

Гатэль «Маладзечна» знаходзіцца побач з цэнтральнай плошчай, за 10 хвілін хады ад чыгуначнага і аўтобуснага вакзалаў. У горадзе працуе краязнаўчы музей.

Славутасці

  • Гарадзішча (XV—XVII стст.) —  Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613В000295
  • Гістарычная забудова горада (ХІХ — пач. ХХ стст.)
  • Касцёл і кляштар трынітарыяў (XVIII ст., дагэтуль не вернутыя каталікам) —  Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000294
  • Мемарыяльны комплекс «Шталаг 342»
  • Настаўніцкая семінарыя (1762)
  • Сінагога (XIX—XX стст.)
  • Царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы (1867—1871)
  • Чыгуначная станцыя (1907)

Страчаная спадчына

  • Брама Трыўмфальная (1920-я)
  • Уніяцкая царква Святых Казьмы і Дзям’яна (XVIII ст.)
  • Касцёл (1-я пал. ХХ ст.)
  • Палац Агінскіх (XVIII ст.)
  • Царква (XVI ст.)

Вядомыя асобы

  • Ян Станіслаў Сапега (1589—1635) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч.
  • Меер Аксельрод (1902—1970) — савецкі мастак.
  • Зэлік Аксельрод (1904—1941) — яўрэйскі савецкі паэт і перакладчык.
  • Уладзімір Боська
  • Кандрат Церах (нар. 1935) — апошні міністр гандлю СССР (1986—1991). У 1963—1965 — дырэктар Маладзечанскага гархарчпрамгандлю.
  • Юрый Антонаў (нар. 1945) — савецкі і расійскі кампазітар і спявак.
  • Ігар Дзедусенка (нар. 1990) — беларускі класічны гітарыст.
  • Мікалай Міхайлавіч Кірычэнка (1946-2018) — беларускі акцёр тэатра і кіно.

Гарады-пабрацімы

  • Велінград, Балгарыя
  • Елгава, Латвія
  • Ірпень, Украіна
  • Каломна, Расія
  • Панявежыс, Літва
  • Пётркаў-Трыбунальскі, Польшча
  • Саколка, Польшча
  • Светлы, Расія
  • Фларэшць, Малдова
  • Фрунзенскі раён, Санкт-Пецярбург, Расія
  • Чарапавец, Расія
  • Эслінген-на-Некары, Германія

Гл. таксама

  • Гарады Мінскай вобласці
  • Гарады Беларусі
  • Спіс вуліц Маладзечна

Зноскі

Літаратура

  • Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею. — Т. 31. Акты о литовских татарах. — Вильна, 1906. — С.108, 138—139, 161—162, 193, 196—197, 222—228, 255—256.
  • Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею. — Т. 39. Документы и материалы, относящиеся к истории Отечественной войны 1812 года. — Вильна, 1912. — С. 270, 259, 260, 299, 406—407, 465, 470.
  • Молодечно // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0141-9.
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
  • Mołodeczno // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich.Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885. S. 647—648.

Спасылкі

  • На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Маладзечна
  • Геаграфічныя звесткі па тэме Маладзечна на OpenStreetMap
  • http://www.molodechno.by — Старонка горада
  • Здымкі на Radzima.org
  • «Рэгіянальная газета» анлайн
  • Агульныя звесткі пра Занальны дзяржаўны архіў г. Маладзечна
  • Маладзечанскае аддзяленне РАА «БХК»
  • Надвор'е ў горадзе Маладзечна
Матэрыял узяты з Вікіпедыі - вольнай энцыклапедыі