Горад

Стоўбцы

Стоўбцы

Сто́ўбцы (афіц. транс.: Stoŭbcy) — горад у Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Стаўбцоўскага раёна, на правым беразе р. Нёман. За 78 км на паўднёвы захад ад Мінска; чыгуначная станцыя на лініі Мінск—Брэст; каля аўтамагістралі Мінск—Брэст, вузел аўтадарог на Мір, Івянец, Нясвіж, Рубяжэвічы. Насельніцтва 16 858 чалавек (2017).

Гісторыя

Мястэчка заснавала ў 1593 г. Гальшка Кміцянка, удава крычаўскага старасты Мікалая Слушкі. Сучасную назву атрымала ў першай трэці XVII ст. На той час мястэчка знаходзілася ў Менскім павеце ВКЛ, належала Аляксандру Слушку, які ў 1623 г. заснаваў тут манастыр дамініканцаў з касцёлам. У 1669 г. Стоўбцы атрымалі прывілей на правядзенне таргоў і кірмашоў.

Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667) і Паўночнай вайны (1700—1721) Стоўбцы былі моцна разбураны.

З пачатку XVIII ст. Стоўбцы сталі ўладаннем С. Дэнгофа, з 1728 г. — Чартарыйскіх, цэнтрам графства. У 1729 г. мястэчка атрымала магдэбургскае права. З 1793 г. — ў складзе Расійскай імперыі, з 1796 г. — цэнтр воласці Мінскага павета. У 1871 г. за 2 км ад Стаўбцоў на чыгунцы Масква—Брэст пабудавана аднайменная чыгуначная станцыя. У 1921—1939 гг. — у складзе Польшчы, горад, цэнтр гміны і павета ў Навагрудскім ваяводстве. З 1939 г. — ў БССР, з 1940 г. — цэнтр раёна.

У час нямецкай акупацыі 1943—1944 гг. у Стоўбцах працавала падпольная польская школа. Падпольную вучобу вёў былы суддзя Родэ, які чытаў лекцыі паводле перадваеннай праграмы польскіх гімназійных школ. Родэ загінуў на вачах вучняў каля 6 ліпеня 1944 года, падчас шматдзённага штурму горада Чырвонай Арміяй.

Насельніцтва

  • XXI стагоддзе: 2006 — 15,5 тыс. чал.; 2010 — 15,4 тыс. чал.; 2014 — 16 472 чал.; 2015 — 16 690 чал.; 2016 — 16 839 чал.; 2017 — 16 858 чал.

Эканоміка

Прадпрыемствы харчовай, машынабудаўнічай, дрэваапрацоўчай прамысловасці. Гасцініца «Стоўбцы». Уздоўж берагоў Нёмана — зона адпачынку рэспубліканскага значэння «Стоўбцы».

Транспарт

Ад Стоўбцаў бярэ пачатак рэспубліканская аўтадарога на Івацэвічы і Кобрын Р2. Аўтадарогай Р64 Стоўбцы злучаны з гарадскім пасёлкам Мір.

Культура

Раённая філармонія. Мастацкая галерэя. У Акінчыцах мемарыяльная сядзіба Я. Коласа (частка філіяла Літаратурна-мемарыяльнага музея Я. Коласа).

Славутасці

  • Стаўбцоўская Свята-Ганнінская царква

Вядомыя асобы

  • Фабіян Акінчыц, беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, рэдактар
  • Юрый Сабалеўскі, беларускі палітычны і нацыянальны дзеяч
  • Івонка Сурвіла, старшыня Рады БНР, мастачка.
  • Залман Шазар, 3-і прэзідэнт Ізраіля

Гл. таксама

  • Гарады Мінскай вобласці
  • Гарады Беларусі

Зноскі

Літаратура

  • Верхняе Панямонне: альманах лакальнай гісторыі. Вып. 1. —  Мінск: І.П. Логвінаў, 2012. — 154 с. — ISBN 978-985-6991-72-4.;
  • Столбцы // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9;
  • Агнешка Грэндзік-Радзяк Oświata i szkolnictwo polskie na ziemiach północno-wschodnich II Rzeczypospolitej i współczesnej Białorusi 1939–2001 —  Торунь: Europejskie Centrum Edukacyjne, 2007. — 441 с. — ISBN 978-85-60738-09-2. (польск.) 

Спасылкі

  • На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Стоўбцы
  • Геаграфічныя звесткі па тэме Стоўбцы на OpenStreetMap
  • Верхняе Панямонне: альманах лакальнай гісторыі
  • Горад Стоўбцы на Radzima.org
  • Jurkau kutoczak — Юркаў куточак — Yury's Corner. Стоўбцы — горад на раце Нёман
  • Надвор'е ў горадзе Стоўбцы
Матэрыял узяты з Вікіпедыі - вольнай энцыклапедыі